В ветеранском клубе организовали университет здоровья
Вучыцца добрай справе ніколі не позна і заўсёды карысна. Таму прапанова арганізаваць у ветэранскім клубе ўніверсітэт здароўя была падтрымана аднагалосна. Сказана – зроблена.
На першую лекцыю-сустрэчу прыйшлі загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі цэнтральнай раённай бальніцы Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч, урач лячэбнай фізкультуры Жанна Адамаўна Волк-Леановіч і медыцынская сястра гэтага ж аддзялення Наталля Валер’еўна Сачко. Тэма для размовы гучала арыгінальна: “Што такое імунітэт, дзе ён “жыве” і з чым яго ядуць?” Гэтыя пытанні, думаецца, сёння хвалююць многіх. Госці-медыкі далі на іх вычарпальныя адказы. Мы даведаліся шмат карыснага пра прыродны і набыты імунітэт, аб тым, што “жыве” ён у лімфавузлах, вельмі не любіць стрэсаў, ператамлення, “сілкуецца” вітамінамі, патрабуе паступлення ў арганізм адпаведных спажыўных рэчываў і мінералаў. А калі хочацца ўмацаваць імунітэт, трэба займайцца фізкультурай ці хаця б ранішняй гімнастыкай, загартоўвацца, дастаткова спаць, правільна харчавацца, адмовіцца ад шкодных звычак і прывучыце сябе піць чыстую ваду – да 2 літраў у дзень)…
Шмат карыснага аб збаласаваным харчаванні ў сталым узросце паведаміў Т. З. Субаткевіч, некаторыя з нас нават занатоўвалі пачутае. А потым мы з ахвотай паўтаралі ўслед за Ж.А. Волк-Леановіч прыёмы самамасажу, нескладаныя лячэбныя гімнастычныя практыкаванні. І з вялікім задавальненнем частаваліся вітаміннай умацоўваючай травяной гарбатай ад Н.В. Сачко — вялікі тэрмас апусцеў за хвіліны.
Гэта была нетыповая лекцыя ў нетыповым універсітэце: можна было не толькі слухаць, але і дзяліцца думкамі і вопытам уласнага аздараўлення. Што і адбывалася.
– Якія ж вы малайцы! Як жа ў вас цікава, – рэзюмавала заняткі нашага ўніверсітэта здароўя Алена Уладзіміраўна Паўлянковіч, якая ў абласным Камітэце Чырвонага Крыжа апякуецца ветэранскімі аб’яднаннямі накшталт “Актыўнага даўгалецця”. – Вы імкнецеся паўнакроўна жыць, дзейнічаць, развівацца.
Прыемна было пачуць такую ацэнку агульных намаганняў удзельнікаў клуба, супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія ахвотна дапамагаюць рабіць нашы пасяджэнні змястоўнымі і цікавымі, раённай структуры Таварыства Чырвонага Крыжа.
Разам жа многае можна здзейсніць!
Таіса СЯМЁНАВА, удзельніца клуба.
На здымку: слухаем лекцыю. Фота аўтара.