Людмила Горелик сорок лет работает на пересечении двух профессий
Больш за 40 гадоў свайго жыцця прысвяціла вучням сярэдняй школы №1 медыцынская сястра Людміла Іванаўна Гарэлік
У далёкія сямідзясятыя дзяўчына з Ліды вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай – і паступіла ў Астравецкае медыцынскае вучылішча.
– Па праўдзе кажучы, гэтую ідэю падкінула мне старэйшая сястра, якая тут вучылася, – і я згадзілася. Аднак пра прынятае тады рашэнне ніколі не шкадавала, – расказвае Людміла Іванаўна.
Менавіта ў Астраўцы жанчына пазнаёмілася з маладым урачом-стаматолагам Пятром Іванавічам Гарэлікам, які пасля заканчэння Мінскага медінстытута прыехаў у наш горад на сваё першае працоўнае месца. І таму пытанне размеркавання для Людмілы не стаяла – яна ведала, што застанецца ў горадзе свайго юнацтва і прафесійнага станаўлення.
– Пачынала я ў хірургічным кабінеце, – успамінае Людміла Іванаўна Гарэлік. – А пасля дэкрэтнага адпачынку выйшла ў прышчэпачны кабінет дзіцячай кансультацыі. І літаральна праз некалькі месяцаў тагачасны галоўны ўрач бальніцы Валянцін Аляксандравіч Ражко прапанаваў мне месца медыцынскай сястры ў сярэдняй школе №1 – я згадзілася.
І зладжанае “бальнічнае” жыццё медыцынскай сястры пайшло ў іншым накірунку: арганізацыя здаровага харчавання і аздараўлення дзяцей, запаўненне журналаў з рэкамендацыямі ўрачоў для настаўнікаў, планаванне прышчэпак, назіранне за станам здароўя вучняў – клопатаў хапала. Тым больш што дзеці па сваёй прыродзе неасцярожныя – і хочаш гэтага ці не траўмы бываюць і ў школе.
– У такім выпадку важна хутка адрэагаваць на тое, што здарылася, і не толькі выклікаць “хуткую”, але і правільна аказаць першую медыцынскую дапамогу, – расказвае Людміла Іванаўна.
Хвалююць жанчыну, якая ў нейкім сэнсе для школьнікаў з’яўляецца мамай, бяздумныя адносіны дзяцей да свайго здароўя: большасць з іх не лічыць патрэбным праводзіць час на свежым паветры і любіць пасядзець за камп’ютарам, што часта прыводзіць да зніжэння зроку. Такі дыягназ сярод “школьных” захворванняў сёння займае першае месца.
А яшчэ Людміла Іванаўна цудоўна зжылася з прафесіяй настаўніка – усё сваё жыццё, за выключэннем двух апошніх гадоў, яна выкладала медыцынскую падрыхтоўку для старэйшых школьніц, і для многіх з іх у паўсядзённым жыцці пасля заканчэння школы практычныя навыкі, атрыманыя падчас гэтых урокаў, станавіліся неацэннымі пры аказанні першай медыцынскай дапамогі.
Радуюць Людмілу Іванаўну ўласныя дзеці. Старэйшая дачка Наталля, як і мама з татам, пайшла ў медыцыну – сёння яна загадвае фізіятэрапеўтычным аддзяленнем Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. А малодшая Ірына стала педагогам – працуе намеснікам дырэктара Свірскай сярэдняй школы. Медыцынскую сцежку выбраў і ўнук Уладзіслаў.
– Мая прафесія прыносіць карысць не толькі тым, з кім я працую, але і мне самой. Калі захварэў муж, я змагла яго “выхадзіць” – зразумела, не без дапамогі ўрачоў – навыкі, атрыманыя падчас вучобы і работы, мне вельмі дапамаглі.
Больш за 40 гадоў Людміла Іванаўна жыве і працуе на скрыжаванні дзвюх прафесій – медыка і настаўніка – і атрымлівае задавальненне ад кожнага пражытага дня.
Алена ЯРАШЭВІЧ
Источник: www.ostrovets.by